epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мінскае мора

Мінскае мора!.. І смешна й дзівосна —

Мой горад спрадвеку зусім сухапутны!

А вецер гайдае высокія сосны,

Што выбеглі аж на ўзбярэжжа. І чутна,

Як шастаюць хвалі на пляжы пясчаным,

Як чайкі лунаюць над самай вадою,

Як катэр стракоча па гладзі люстранай,

Як міма байдаркі імчацца стралою...

 

Я знаю шэсць мораў, блакіт іх прастораў,

Сівых акіянаў раз’юшаны нораў,—

А гляну ў твой твар з беражка Ганалесу,

І доўга ў душы ўсё гучыць твая песня!..

Па хрусткаму жвіру пайду на змярканні

Пад шэпт чарацяны, гамонку сасёнак,

І даўняя змора паціху растане

Ад паху аеру і белых рамонак...

 

Мне ў твар павявае чысцейшым паветрам

Да болю ўсім сэрцам любімай айчыны,

І скарб сваіх думак і слоў запаветных

Я ёй давяраю адной і адзінай.

Не танна мне гэтае шчасце далося,

Знаёмы яму і разлука, і ростань,

Глыбокага роздуму позняя восень,

І поціск рукі дарагога сяброўства...

 

У сонных затоках шапочуць асокі,

І разам з вясны маладымі вятрамі

Мне бачацца марывы мараў далёкіх,

Што сінім дымком праплылі над кастрамі...

Мне чуецца голас адзіны у свеце,

Як з вуліцы Розы юнацкае скерца,

Мне мора майго несалёны вецер

Даносіць яго аж да самага сэрца...

 

Напоўні мне лёгкія, Мінскае мора,

Вільготным і чыстым вясновым дыханнем,

Каб бронхі не рыпалі даўняю зморай

На шостым дзесятку майго існавання!..

...Ну што — вадасховішча?! Гэта не імя,

А мора — тут веліч, любоў і пашана,

Тым больш што стварылі рукамі сваімі

Цябе дарагія мае мінчане!

 

1961


1961