epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мінскія агні

Загараецца зоркамі вечар,

Дрэмлюць паркі ў нямой цішыні.

Мы выходзім з табой на сустрэчу,

Свецяць нам залатыя агні.

Нас прывеціць ласкава сталіца

Бляскам вуліц і шолахам ліп,

Сэрцу мілых сябровак абліччам

І дыханнем шчаслівай зямлі...

 

Сябры, дарагія сябры,

Мы будзем далёка ці блізка,

Але не забудзем сустрэч вечары,

Агні залатыя над Мінскам.

 

Мы праходзім да самага рання,

Покуль золак асветліць зямлю,

І паўторым сто раз на расстанні

Непаўторнае слова «люблю»...

А прачнецца наш горад любімы

І паклічуць да працы гудкі,—

Станем поплеч з сябрамі сваімі

Наша шчасце тварыць на вякі.

 

Сябры, дарагія сябры,

Мы будзем далёка ці блізка,

Але не забудзем сустрэч вечары,

Агні залатыя над Мінскам.

 

Пройдзе час, і кране цеплынёю

Нашы сэрцы чароўны ўспамін

Пра сустрэчы над ціхай ракою,

Пра асветлены зорамі Мінск.

Мы збяромся — сябры маладосці,

Як запаліць сталіца агні,

І паднімем заздраўныя тосты

За юнацтва шчаслівыя дні.

 

Сябры, дарагія сябры,

Мы будзем далёка ці блізка,

Але не забудзем сустрэч вечары,

Агні залатыя над Мінскам.

1961


1961