epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мёртвы карабель

(Балада аб Эпроне)

 

Недалёка ад берага роднай айчыны,

Дзе па рэйдзе стаяць параходы ў страю,

Пахаваны ў глыбокай і цёмнай лучыне,

Ён знайшоў нечакана магілу сваю.

 

Яго цела марская трава аплятае,

Над яго галавою праходзяць гады,

Чайкі белыя нізка над ім пралятаюць,

Закранаючы крыллем паверхню вады.

 

І штодня праплываюць над ім параходы,

Белакрылыя яхты, маторкі-чаўны...

У бязвоблачны дзень ці у час непагоды

Яму сняцца на дне таямнічыя сны...

 

Сніцца: чорная ноч узнялася над светам,

Фасфарыстыя хвалі шуршаць за кармой,

А над цемраю неба ўзвілася ракета,

Прадвяшчаючы грозны эскадраны бой.

 

І тады над прасторам марскога прыбою

Цішыню разрывае гарматны агонь,

І, паранены ў сэрца варожым набоем,

Захлынаецца хваляю сіваю ён...

 

І магутнага цела жалезная глыба

Апускаецца ў багну халоднага дна,

І хаваюць навекі зялёныя глыбі

Нават пробліск нясмелы наступнага дня.

 

Час праходзіць, авеяны вечнаю славай

Незабыўных баёў і рашучых падзей,

Ходзяць штормы над морам то злева,

то справа,

У тумане сірэна працягла гудзе...

 

І тады надыходзіць такая гадзіна:

Вадалазаў сірэна збірае ізноў,

Бо яшчэ і яшчэ патрабуе радзіма

Для вялікіх паходаў жывых караблёў.

 

У вачастых скафандрах з’яўляюцца людзі,

Дзень за днём пад вадою работа ідзе.

Ён са дна падымае магутныя грудзі

І вітае халоднае Балтыкі дзень.

 

Так па волі адважных, упартых і смелых

Ён прыходзіць у докі да вусця Нявы,

Дзе, ажыўшы, яго амярцвелае цела

Стане гордым і дужым у шэраг жывых.

 

1934


1934