epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мір — яму імя

Свет прыціх.

Ляціць да сонца дзіва

Нам на шчасце,

ворагам назло.

Самае праўдзівае

з праўдзівых

Слова

людзям сэрцы апякло.

Слова —

караценькае,

як выстрал,

Важкае —

як сотні тон свінца,

Яркае —

нібы маланкі іскра,

Цвёрдае —

нібы алмаз разца.

МІР — яму імя!

Па ўсёй планеце

Досвіткам

яму у вокнах днець.

Знайце, злыдні:

хто пасее вецер,—

Навальніцу грозную пажне!

Так сказаў народ

і гэтак будзе.

Мы на тым стаялі і стаім:

Не патрэбны войны

працы людзям,

Не патрэбен

бразгат зброі ім!

Ёсць хлусні распуснай

грань і мера.

Яшчэ раняць памяць

слёзы ўдоў.

Кангрэсмены,

ўрады і прэм’еры,

Скіньце

ідала вайны на дол!

Годзе

у прытонавых сутоннях

Плесці павуцінне

чорных змоў!

Людзі не дапусцяць

новай бойні,

Псоў рудых

не спусцяць з ланцугоў!

Сонца міру

свеціць ім у хаты,

Мірны дым

клубіцца з каміноў,

Хай хутчэй

пад музыку салдаты

З арміі

вяртаюцца дамоў!

Чорнай хмарай

хай не засціць межы

Цень злавесны

атамнай вайны!

Над зямлёй хай вее

вецер свежы,

Вецер міру,

працы і вясны!

 

1961


1961