epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мой дом

Мой дом стаіць на вуліцы Купалы,

На беразе няшпаркае ракі,

Дзе нізка вербы да вады прыпалі,

Дзе за акном лунаюць галубкі.

 

Дзе я з паверха пятага, як вязень,

Палоннік вечны рыфмы і радка,

Гляджу на кроны стогадовых вязаў,

На снег, што лёг на парк,

нібы паркаль...

 

І бачу я, падняўшы, як забрала,

Тугую штору над сваім акном:

Ідзе з кійком на вуліцы Купала

У невялічкі свой драўляны дом.

 

Непадалёк, не больш за два кварталы,

Ён пад таполяй, у густым садку,

Той мілы кут, дзе жыў калісь Купала,

Дзе салаўіны спеў будзіў раку...

 

Вось узышоў ён на каменны ганак,

Зірнуў наўкол, зірнуў і не пазнаў:

Ружовым птахам б’ецца ў вокны ранак,

І вочы слепіць снегу белізна...

 

І дом не той, і ссечана таполя,

І паяснеў нібыта далягляд,

І з барэльефа ён глядзіць, як колісь,

На малады ў сняжынках срэбных сад...

 

І ўсё, чым жыў калісьці, жыў і марыў,

Як у чароўнай казцы ажыло:

Вунь за ракою падпірае хмары

Ажурнай вежы вострае стыло;

 

Вунь бераг дружна гмахі абступілі,

Зарэчных хатак знік пахілы строй...

«Народзе мой, дзе ўзяў ты столькі сілы,

Каб гэта ўсё стварыць сваёй рукой?!»

 

Ён так сказаў? А можа, мне здалося?

Адно здаецца — ісціну знайду:

Былое тут з цяперашнім злілося

У сугалоссе здзейсненых задум!

1970


1970