epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мой сад

Я сад вырошчваў дваццаць пяць гадоў,

Я дрэўцу кожнаму быў сябрам-панібратам.

Піў чэрвеньскіх туманаў сырадой

І постаці ствалінак тонкіх кратаў.

 

Расінка-кропля кожная была

Цудоўным дарам ад Пазнання Дрэва,

Дабра жывінкай, а не ядам Зла,

Слязінкай чыстай Непарочнай Дзевы,

 

Чый вобраз, увасоблены у плоць,

Жыве, як памяць сэрца, і дагэтуль.

Я ж прагу помсты, крыўду, боль і злосць

Змяняў на долю прыкрую паэта.

 

Цяпер збіраю райскія плады,

Каб мог адорваць тых, хто іх не мае.

Хай д'ябал-змей спакусы і брыды

Хапае душы тых, хто гнаны з рая.

 

Я багаборству болей не служу,

Хоць дух нявер'я спадцішка цікуе.

Адно скажу — не перайду мяжу,

Дзе з царствам божым д'яблава мяжуе.

 

Мой сад жыве. А разам з ім і я,

Хоць пад карой кладзецца круг чарговы

І доля ў нас у кожнага свая,—

Фінал адзін. І ён зусім не новы.

 

1993


1993