epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мудрасць

З гадамі мы да дзей сваіх стражэй.

Да мудрасці нялёгкая дарога.

Той яснасць вока й думкі зберажэ,

Каму ў жыцці зазнаць прыпала многа.

 

Перад абліччам праўды не салжэ

Агнём загартаваны розум строгі.

Таму і дня святло мне даражэй,

Чым першай квадры водбліск срэбрарогі.

 

У ясны дзень ступіў на ганак твой,

Хаця пяскамі, каменем, жарствой

Мае ў дарозе доўгай ногі збіты.

 

Не клянучы цяжкое рамяство,

Тваіх крупінак зыркіх хараство

Прыберагу, як дарагі здабытак!

 

1956


1956