epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

На аўтастрадзе Мінск - Масква

П. С. Малчанаву

 

Між ліп, газонаў, светафораў,

З палону стройных камяніц

Машына рвецца на прасторы

Лясных цішынь, азёр, крыніц.

 

Канец шырокаму праспекту.

Усход у дымчатым святле

Праменнем сонечнага спектра

Ламаецца ў вятровым шкле.

 

На змену ўчорашнім трывогам,

Дзе час клапотамі спавіт,

Бяры ў палон мяне, дарога,

Чаруй мне вока, краявід!

 

Дарога! Колькі ў ёй прынады!

Праз акіян жытоў, пшаніц

Канцы вялікай аўтастрады

Злучылі сэрцы дзвюх сталіц.

 

Удод сакоча за кюветам,

Стракочуць конікі ў траве,

А ты імчышся супраць ветру

Насустрач сонцу і Маскве.

 

Глядзіш: зялёнаю палянкай,

Дзе сонца п’е крышталь расы,

Ідуць вясёлыя смуглянкі

Непараўнальнае красы.

 

Мы не ў даўгу у маладосці,—

Яна ў вачах, яна ў крыві,

Яна заве гасцінна ў госці:

Працуй, любі, твары, жыві!

 

Яшчэ работы шмат на свеце,

Удачу стрэнем не адну,

Хоць час ідзе і стрэчны вецер

На скронях трэпле сівізну.

 

І нас трапала дзікай проймай,—

Не ружы слала маладосць:

Сухар, патронную абойму,

Акоп і снег, агонь і дождж...

 

Наш лёс не ведае спакою:

Тварыць, шукаць, нястомна йсці!

Не ўсё аднолькавага крою,

Што намі створана ў жыцці!

 

Таму люблю разбег дарогі,

І спеў вятроў, і шум вясны...

...Хто не спытаў хоць раз трывогі,

Жыццю не ведае цаны!

 

1956


1956