epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

На перавале

На перавале вецер свішча,

А там далей, на даляглядзе,

На лета жоўтым папялішчы

Зямлю скупое сонца гладзіць.

 

Гляджу зачараваным вокам

З высокай стромкае вяршыні,

Нібы шукаю дзён вытокі,

Заканамернасці прычыны...

 

А ўнізе — шахты, ляск лябёдак,

Гул транспарцёраў, шум насосаў,

Адвалы горнае пароды

І галасоў рознагалоссе...

 

Далёкіх выбухаў уздрыгі

Трасуць зямлі глухія норы,

Паўночных хмар сівыя крыгі

Плывуць спалохана за горы...

 

Калішні край пустэльні белай,

Што ведаў толькі грому грукат,

Праз небыцця водападзелы

Жыццю прасцёр асілка рукі.

 

Стыхій здзічэламу ігрышчу

Уладар зямлі гаворыць: годзе!

...Над лета жоўтым папялішчам

Скупое сонца нізка ходзіць.

 

1948


1948