epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

На возеры Джэка Лондана

З-за гары ўстае ружовы золак,

Туманы над возерам дымяць.

Рамантычны, пэўна, быў геолаг,

Што такое даў яму імя.

 

Што ж? Яму за адкрыццё падзяка.

Першым ён праклаў цяжкі маршрут.

Жвавыя якуцкія канякі

Падымаюць нас па схону круч.

 

Вышыня! Натоўп гранітных глыбаў.

Горны звал на стромкіх берагах.

Возера нявымеранай глыбі,

Як іртуць, паблісквае ў гарах.

 

Вы яго не знойдзеце на карце,

Там яшчэ ці мала белых плям.

Можа быць, вулкана даўні кратэр

Помнік аб сабе пакінуў нам...

 

Навакол раскінуліся сопкі —

Белых шапак белая града!

Харыус дурэе срэбрабокі,

Зіхаціць люстраная вада.

 

Фантазёр-геолаг начатрада,

Тых мясцін заядлы воўк стары,

Рэй вядзе, як белыя каскады

З громам-грукам рынуцца з гары;

 

Як пашлюць магутныя турбіны

У тайгу яскравыя агні...

Выцірае рукавом слязіну

Юкагір стары — наш праваднік.

 

А пакуль — сюды кладуць дарогу.

Крышыць скалы з гулам аманіт.

І глядзяцца горныя атрогі

Ў глыбіню раскрытых таямніц...

 

1954


1954