epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Над Бугам

Высокае неба ў бяздонным разліве блакіту,

Гарачае сонца блакіт пасылае вясне.

Над Бугам санлівым шапочуць аб нечым ракіты,

Трава парасла на старой цытадэльнай сцяне.

 

Маўчаць амбразуры, і дым не клубіцца

з расколін,

А водгулле часу ў грудзях несціхана гучыць:

Хто ў бітве няроўнай адужаць праціўніка здолен,

Таго не спалохае стрэл з завуголля ўначы...

 

Стаяць экскурсанты — равеснікі грознага года,

Над імі шчарбатая высіцца хмура сцяна,

Тут смерць прынялі іх бацькі непахіснай пароды,

Тут куляў сляды, што скасілі жыццё Фаміна...

 

Схілілі галовы маўкліва хлапцы і дзяўчаты,

Здаецца ім: кроўю дымяцца цагліны руін...

Палкоўнік ссівелы ракоча баском хрыплаватым,

І мёртвыя пліты гавораць на мове былін...

 

О час неўтаймоўны, ты добра загойваеш раны,

Астуджваеш памяці вострай пякучы парэз!

Адпеты геройскія песні лясных партызанаў,

У засень каштанаў ад спёкі хаваецца Брэст...

 

Пра славу былую шуміць Белавежская пушча,

На братніх магілах чырвоныя кветкі гараць.

Як вокам акінуць — пшаніц ізумрудныя гушчы,

Налітыя сонцам, хвалююць зямлі небакрай...

 

Як вокам акінуць — гайдае зялёнае мора

Дыханне вясны на абшарах палескіх нізін,

І льецца над Бугам жалезная песня матора,

І дыхае парай узнятая глеба цалін...

 

Зямля Беларусі, абмытая ліўнем нягодаў,

З мігценнем вясёлак у ясных і сініх вачах,

Здабытае ў бітвах бясцэннае шчасце народу

Нясеш ты нястомна на мужных, трывалых

плячах!

 

1958


1958