epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Накдаўн

Не загадаеш сэрцу: біцца годзе!

Руцэ не скажаш: не бяры пяра!

Халоднае развагі ціхаводдзем

Прыйшла маларухомая пара.

 

Цяжар былых пакут сутуліць плечы,

Змрок беспрасвецця засцілае зрок,

Кастлявы прывід скрушнае галечы

Ужо паблізу, ўжо непадалёк.

 

Паціху моўкнуць барды індустрыі,

Прагрэс аглоблі павярнуў назад,

Здань камунізму адвярнула выю,

Нам на пагляд адкрыўшы голы зад.

 

Які груган на нас бяду наклікаў?

З якой пары сіпіць змяіны сык?

Учора мне па выраку сінкліта

Аблатку наляпілі на язык!1

 

Так. Век суровы жорстка нас габлюе,

Змяняе порстка звычкі, густ і смак.

Так міла ўбачыць на экране, як

Руку экзарху бальшавік цалуе...

 

А так шкада нязбытных спадзяванняў

На стыкаванні блізкім двух вякоў,

Калі давер душы абрабаваны,

А светлы міф асуджаны на скон!

 

Шкада, калі шчыгрынавая скура

Твайго быцця звужаецца штодзень,

Калі падзей аслеплая віхура

Да краху лад скалечаны вядзе!

 

Шкада сысці ў нябыт расчараваным,

Згубіўшы веру ў ідэал святы,

Цана якому — дваццаць год выгнання,

Гібення ў нетрах вечнай мерзлаты...

 

Але агонь любові ў кожнай клетцы

Жыве, і жыць яму не перастаць,

Перад якім не грэх аддана ўкленчыць

Як вернік перад вобразам Хрыста!

1.XIІ.93

1 Учора, 30.ХІ.93, беларускі парламент прагаласаваў супраць статуса беларускай мовы як дзяржаўнай мовы рэспублікі, чым і паслаў мяне ў накдаўн.