epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Нас партыя вядзе

Сучаснікі мае,

Сябры ў жыцці і працы,

З кім дружбу, хлеб і соль

Дзялілі ўсе гады,

З кім да крутых вяршынь

Мы здолелі падняцца,—

Зірніце, дзень які

Сягоння малады!

 

Паснулі дрэў рады

У срэбранай адзежы,

Ляціць крыштальны пух

З заінеўшых галін,

З усходу вецер дзьме

Такі празрысты й свежы —

Цудоўнае надвор’е

Сёння на зямлі!

 

Ашаламіўшы свет

У зорачным суквецці

Стварэннем рук людскіх,

Планета чэрціць шлях!

І здзіўлена глядзіць

З надзеяй чалавецтва

На вежы і муры

Зубчастага Крамля.

 

Усё, што ўчора нам

Здавалася нязвычным,

Рэальнасцю жывой

З лятункаў паўстае.

Якое шчасце знаць,

Што ў век камуністычны

Мы робім новы крок,

Сучаснікі мае!

 

Усё, чым мы жывём,

Усё, чым мы багаты —

Лясы заводскіх труб,

Палёў зялёны шум,—

Нам партыя дала,

Рабочым і аратым,

Яна ўдыхнула ў нас

Гарачую душу!

 

Нам партыя дала

Жывы і смелы розум,

І дум высокі ўзлёт,

І веліч ясных мэт,

І зброю, каб суняць

Варожую пагрозу,

І сілу, каб за мір

Змагаўся мірны свет!

 

Нам партыя дала

Для будучыні крылы,

Вачам — арліны зрок,

Рукам — размах работ,

Вялікую любоў

У сэрцы пасяліла

К Радзіме, што павек

З’яднала ўвесь народ!

 

Нас партыя вядзе

Удаль, дзе пунсавее

Світанне камунізма

Сонечным святлом...

Таму свой светлы лёс,

І ясныя надзеі,

І шчасце на зямлі

Мы партыяй завём!

 

1959


1959