epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Навагодняе

Як ліст апошні

Клён, самотай поўны,

Страсае сам

На ўцеху ўсім вятрам,—

Так год мінулы

Ў снежаньскую поўнач

Злятае прэч

Лістком з календара.

 

А ў гэты час

Арбітаю бясконцай

Ляціць у стынь

Зямлі нагрэты шар.

І ў кожным з нас

Драбок маленькі сонца

Хавае ўсхваляваная душа!

 

Ёй трошкі сумна,

Боязна і шчасна

Пераступіць

Часін круты парог

У свет, дзе кліча

Ў новы лёт сучаснасць,

Дзе шмат здабыткаў,

Пошукаў,

Трывог.

 

Але мігцяць

Іскрынкамі сняжынкі

Ў зыбучым бляску

Жоўтых ліхтароў;

Ідзе Снягурка —

Мілая дзяўчынка —

Наіўным цудам

Даўніны старой...

 

І Дзед Мароз

З сярэбранае кайстры

Па поўнай жмені зорак

Сыпле ўсім;

І дружны келіх —

Весялосці майстра —

Ідзе па кругу

Гаманлівым тым.

 

А белы снег

Радзіме лёг на плечы,

Нібы акрыў яе

Пуховы шаль.

Ёй люба слухаць

Гоман чалавечы,

Дзе льюцца песні

І звініць крышталь.

 

Утульна ёй

Ад нашай цёплай ласкі,

Ад добрых спраў,

Сыноўскае любві.

На вочы ёй

Не ляжа цень апаскі —

Мір і спакой

Чало яе абвіў.

 

Хай будзе так

На радасць чалавеку:

Віхрыцца ноч

Кружэннем юных пар;

І стрэлак ход

Адмервае паўвека,

І свежы вецер часу

Вее ў твар!

 

Агонь бенгальскі

Сыпле ноч бясконца,

У змрок ляціць

Зямлі бліскучы шар...

І кожны з нас

Нясе часцінку сонца

У сваіх вачах,

Як навагодні дар!

 

1966


1966