epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Няма на карце свету гэтай кропкі..."

Няма на карце свету гэтай кропкі.

Тут царства ўсеабдымнай цішыні.

Тут месяц нежывы павіс над сопкай.

Не цепляцца прыветныя агні.

 

Марозам закаваны далячыні.

Сінее скрозь маўклівы стылы снег.

О край суровы! Дзікія лагчыны

Сняць сны аб гулкай сонечнай вясне.

 

А тут цяплынь. Тут у жалезнай печцы

Галінкі кедра ветліва трашчаць.

З вышыняў зоркі падаюць у вечнасць.

І гутаркі няхітрыя гучаць.

 

Тут маладосць душы — першапрычына

Трываласці і ўпартасці крутой.

Тут словы-успаміны аб жанчынах

Напоўнены тугой і цеплынёй...

 

Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў

Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад!

Ёсць чалавек. І ўсе багацці нетраў

Ці ж багацей душы яго? Наўрад!

 

Тут кожны цвёрда ведае, што робіць.

Тут кожны выбух, кожны ўдар кайла

У грудзі непадатлівай пародзе

Дзеля таго, каб з мёртвых ажыла

 

Краса зямлі, што скута мерзлатою,

Краса жыцця, схаваная ў снягах,

Каб трапятала сонца залатое

У нашых ператруджаных руках.

 

Таму не спіцца людзям у зямлянцы,

Жар-птушка — мара б’ецца ў галавах,

І свецяць ім агні далёкіх станцый,

І маці незабыўная — Масква...

 

1943


1943