epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Не шкадую я аб згубленым..."

Не шкадую я аб згубленым,

Рад таму, што знойдзена.

З кубка мудрасці прыгублена,

Рубікон пяройдзены.

 

Чорнай дзюбай поўнач выдзеўбе

Ў небе зоркі-зерняткі,

Покуль дзень у светлым вырубе

Урачыста вернецца.

 

Так і шлях да светлай ісціны,

Што гарыць, як сонейка.

Не чырвонай ружай высцелен —

Цернямі, дзядоўнікам...

 

Так і наша узмужнелае

Спрабаванне вернасці,

Нібы ў полі жыта спелае,

Прарастае з зернятка.

 

1960


1960