epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Неўтаймаванасць

Бліскучы ветах плойму хмар тараніць

Сваім мярцвяна-срэбраным вяслом.

Дагэтуль сэрца мне глыбока раніць

Пякучай памяці круты залом.

 

Хай. Пакладу ізноў пажыткі ў ранец.

Утульны рай канап пушчу на злом,

Хай размяце гаючы подых раніц

Смог даўніх скрух пунсовым памялом.

 

Пярэсты покрыў звадак скіну з карку,

Хоць на кароткі момант каб вярнуць

Вандроўны дух бадзягу-перастарку,

Дзівосна-дзіўных казак старану...

 

...Ды чуцен віск жалобны цыркуляркі

Здаецца, рэжуць дошкі на труну...