epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Ноч. Нада мной, над табою цярушыцца снег..."

Ноч. Нада мной, над табою цярушыцца снег,

Лётаюць, кружацца белыя мухі-сняжынкі...

Як ты далёка, далёка цяпер ад мяне!

Толькі лунае ўспамінаў былых павуцінка...

 

Дзе ты цяпер? Там, дзе роднага неба блакіт?

Можа, чакаеш мяне ты парой веснавою?

Быў я юнгою — вучылі мяне маракі

Не пасаваць перад лютай стыхіяй сляпою!

 

Я й не пасую: дзьмі, вецер, я спраўлюся сам,

Гніцеся, мачты, гайдайцеся, гнуткія рэі!..

Можа, прыснілася мне твая злая краса,

Можа, сумуючы ўвосень, прыдумаў цябе я?

 

Лёгкі караблік кідае раз’юшаны шквал,

Нізка над пеннымі хвалямі гойсаюць чайкі..

Ведаю, дзе адшукаць мне чароўны карал,

Як у жар-птушкі мне выхапіць пер’я ручайку.

 

...Хмаркі плывуць у чароўнай тваёй старане,

Шчодра рассыпаны зорак бліскучых пясчынкі

Як ты далёка, далёка цяпер ад мяне!

Хай жа не рвецца ўспамінаў былых павуцінка

 

1946


1946