epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Ноч. Пад сузор’ямі Стажараў..."

Ноч. Пад сузор’ямі Стажараў

Маўчыць зямля ў нямой цішы.

І дым таежнага пажару

Змяшаўся з горыччу душы.

 

І вабіць ночы гэтай морак

Да берагоў далёкіх рэк,

Дзе ў грудзі непрыступных гораў

Ўразаецца упарты штрэк.

 

Туды, дзе сіла чалавека

Перамагла цвярдынь зямлі,

Дзе людзі светлыя прасекі

Насустрач сонцу павялі,

 

Туды, дзе я змагу адолець

Нямую сілу чар тваіх,

Дзе думкі вяжуць з нітак болю

Неразвівальныя страі.

 

Ды злая сіла прыцягнення

К табе мацней усякіх чар,

Далёкі друг майго натхнення,

Мой спадарожнік даўніх мар!..

 

Ноч. На другім канцы паўшар’я

Ты спіш, і поўначы навой

Вачмі халоднымі Стажараў

Бяздумна сон пільнуе твой...

 

1950


1950