epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ночы

1
2


1

Песні, ўздымайцеся сокалам

Гордымі крыллямі слоў!

Ноч, не шумі ты асокамі,

Ціхім усплёскам балот!..

 

Шэпчуць бярозы кудлатыя,

Сцелецца сівы туман,

Шэпча над шэрымі хатамі

Стрэх саламяны дыван.

 

Гойдае шумнымі голлямі

Стройная здань тапалёў,

Шызым праносіцца голубам

Ноч над дрымотным сялом.

 

Ой, не шуміце дубровамі,

Шэптам бярозавых слоў,

Ночкі мае чарнабровыя,

З цёмным высокім чалом!..

 

Шмат вас трапала паваламі,

Білі маланкі па вас,

Хай жа зялёнымі хвалямі,

Жытам рунеецца час!

 

Ветры гамоняць у зараснях,

Шастаюць лісцямі лоз.

Бачу, як новага парасткам

Шчасце людзей ажыло...

 

Чую, у песнях алешнікаў

Блізкае сэрцу гучыць:

Новыя песні начлежнікаў,

Коней іржанне ўначы...

 

1925

 

 

2

Ночы, смугою спавітыя,

Любы вы сэрцу майму!..

Здружаны з вамі праз жыта я,

Рады жывому ўсяму,

 

Скінуўшы путы мінулага,

З сэрца прагнаўшы тугу,

Смела іду з песняй чулаю,

У цемру, ў вясновы разгул.

 

Дрэмлюць прасторы бязмежныя,

Дыхае роўна зямля...

Сосны высокімі вежамі

Ў цемры здаюцца здаля...

 

Месяц дае ў паднябессі

Ў срэбныя хвалі нырца,

Льецца нячутная песня,

Вечная песня жыцця...

 

Ноч. Залатымі зарніцамі

Дзесь небакрай шугане,

І хоць не сплю я, а сніцца

Ява дзівосная мне...

 

Ноч. Валацужны адзін я —

Думкі пад шэпт каласоў

Горнуцца к сэрцу радзімы,

Поўнай жывых галасоў...

 

Чую: шапочуць з калінамі

Штосьці старыя дубы...

Край мой, з палямі, далінамі,

Як мне цябе не любіць?!

 

1925


1925