epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Ну вось і ўсё..."

Ну вось і ўсё. З табой мы квіты,

Не пераступіш рубяжы.

Мне ахвярованую літасць

Ты для другіх паберажы.

 

Красы адцвіўшая прынада

Крылом надзей не закране,

Ні жаль, ні позняя спагада

Не верне страты гэтай мне.

 

Але, багатая ўспамінам,

Душа імкнецца да цябе:

У край, дзе шэпча ціхай плыняй

Рака цудоўны сказ вярбе.

 

Дзе абуджае лісцяў веча

Вятроў запознены парыў,

Дзе чорны кот — пушысты вечар

Мурлыча казку да зары.

 

Той, што на першым перагоне

Клаў чорны след на белы снег,

Той, што на полацкім пероне

Дарогу нашу перабег.

 

Згасае дзень. У цёмным царстве

Лаўлю твой зірк між чыстых зор,

Дзе ночы чорнае знахарства

Пляце з надзей складаны ўзор.

 

1948


1948