epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ода земляробу

На дол,

Яшчэ па-вераснёўску цёплы,

Хай сцеле восень туманоў сувой...

У шэпце кожнай дажджавое кроплі,

Зямля мая,

Мне чуцен голас твой!

 

Ці ў зарапад,

Ці ў мокры пошум ветру,

Скрозь прозалаць таемнасці лясной,

Відаць,

Як праступае вобраз светлы

Красы непараўнальнае тваёй!

 

Твой сон уяўны

Строкат мерны будзіць

Там, за узгоркам,

Дзе ляжыць папар...

Скажы, зямля мая,

Калі б не людзі,

Хіба б не спаў

Сном мёртвым твой абшар?!

 

За твой давер

Хіба не шчодра плоціць

Той род,

Імя якому - ЗЕМЛЯРОБ?!

Хто ў потны прыпар

Або ў зябкай слоце

Ідзе у бой за кожны спелы сноп!

 

Няшпаркіх дум яго

Увасабленне —

Бязмежных ніў

Залатаспелы плён,

Блакіт ільноў,

Садоў плоданашэнне,

Пераўтварэння

Велічны разгон!

 

За дар,

Здабыты працаю няспыннай,—

За хлеб духмяны й цёплы

На стале,

Работны люд працоўнае краіны

Вам, земляробы,

Оду славы шле!

 

Хвала і гонар

Вашаму умельству,

Рукам руплівым,

Хараству душы,

Вам, хто спасціг

Зямное чарадзейства,

Хто ўзняў наш век

Да ззяючых вышынь!

 

Дабра і шчасця

Вам, зямныя людзі,—

Майстры жыцця,

Работнікі зямлі!

Няхай удача

З вамі ў дружбе будзе,

Хай працы вашай

Будзе плён вялік!

1974


1974