Па снягах пушыстых хрусткіх
Крокам юным неакрэплым
Па абшары беларускім —
Белым полі, стылых рэках,
З зорнай шэранню на вейках,
Першазімкавай парошай
Госць ідзе да чалавека
І чаканы, і харошы...
Што за госць і як завецца?
Ён куды кіруе крокі?
Шчасцем вочы яго свецяць.
Ён заве ў паход далёкі,
Каб пад родным небасхілам
Не згасала міру сонца,
Каб буяла свежай сілай
Дужасць у народа-творцы.
Шлях ягоны — не кароткі,
Шлях ягоны — гераічны,
Ён — пачатак пяцігодкі,
Веха ў век камуністычны!
Дык скажы, якім ты будзеш?
Чым народ ты мой адорыш?
Спорнай працай гучных будзень?
Скарбам, стоеным у горах?
Новым дзёрзкім штурмам неба?
На планету Месяц трасай?
Спелым морам збожжа-хлеба?
Хараством асенніх красак?
Што ж?! З табой мы маем права
Лёт прадбачыць сакаліны,
Ды прымножыць нашу славу
Службай вернаю Айчыне!
Можа, скажуць, празаічны
Сказ мой шчыры і кароткі,—
Слава справам гераічным
Распачатай пяцігодкі!
1962