epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Пад небам Поўначы далёкай

Пад небам Поўначы далёкай,

Сабраўшы скарб паходны свой,

Шукаў я светлыя вытокі

Крыніцы творчай і жывой.

Яе празрыстае струменне

Збягала з гор у ручаі.

Тут нараджалася натхненне

Нялёгкіх пошукаў маіх.

Ішла вясна, квітнелі сопкі,

Я піў смалістай хвоі дух,

У гушчары крычалі сойкі

І клікаў самку бурундук...

А над усім стаяла сонца,

Святло не гасла і ўначы.

Мы йшлі дарогаю бясконцай

Да верхавінаў Баханчы.

Стаўлялі белыя палаткі,

З галля складалі шалашы,

Шурфы капалі па распадках,

Па ўзгорках білі капушы.

Ад камарынага нашэсця

Палілі дымныя кастры.

Мы так жылі, пакуль, нарэшце,

Нам фарт знаходкі не дарыў.

Дзе вы, тых спраў жывыя сведкі,

Мае юнацкія гады?

Ў гарах далёкая разведка,

Начных кастроў гаркавы дым?

Міне пара завей калюжных,

Нідзе спакою не знайду.

Ізноў шукальнік валацужны

Знаёмай сцежкаю іду.

Цвіце ў лагчынах галубіка,

Марошка спее на імхах,

Краса тайгі — шыпшыннік дзікі

Пялёсткамі ўсцілае шлях...

Я тым прыгодам падарожным

Астатак дзён гатоў аддаць.

...Чакаць тады спакойна можна,

Калі няма чаго чакаць!

 

1954


1954