epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Падкраўся вечар..."

Падкраўся вечар чорнай скнарай,

Сыпнуўшы ў неба жменьку зор...

Пакорай сцішаная Нарач

Застыла сіняй бірузой.

 

А там, дзе захад лілаваты

Гасіў расплаўленую медзь,

Плыў човен кропляю агата

З абрыўкам хмаркі на карме.

 

У чоўне двое.

Ўсе клапоты

Аддаўшы пройдзенаму дню,

Плывуць, і вёслы у качотах

Кранаюць квола цішыню...

 

Як рыбакі, сабраўшы снасці,

Імкнуцца прэч ад берагоў,

Так і яны плывуць да шчасця

Кахання першага свайго.

 

Усё для іх,

што ёсць на свеце,

І на зямлі, і на вадзе,

Хай спадарожны добры вецер

Да мэты човен іх вядзе!..

 

Няхай плывуць сабе надзіва

Дарогай шчасця й пекнаты,

Сівая ж мудрасць тым шчасліва,

Што ходзіць берагам крутым...

 

...Цьмянеюць дальнія планеты,

І толькі месяц малады

Кідае срэбныя манеты

У шкло люстранае вады...