epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Падрахунак

Пакуль душа не ператлела ў прысак

І не астыў пад ім пачуццяў жар,

Не падвяду я канчатковай рысы,—

Хай пажыве ў ружовых міражах!

 

Начотчык хай чапляецца за норму,

Дзе й на бязмежжа думак

ёсць мяжа,

Дзе ў рамках строга вывераных формул,

Як мёд у сотах, ісціны ляжаць.

 

А я вам, як на споведзі, скажу:

Шмат яшчэ доўгу лічыцца за мною,

Таму, калі бязвокая з касою

 

Пастукаецца, я не задрыжу

Ні сэрцам, схільным век да мяцяжу,

І ні душой, варожай да спакою!