epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Паэт празорліўцам не створан..."

Паэт празорліўцам не створан,

А ўсё ж натхнёнаму відно,

Як па Няве ў гранітным створы

Плыве сярэбраная ноч.

 

А над Нявой халодны Зімні

Бялее мармурам калон

І ў харастве бяздушным стыне,

Узяты часам у палон.

 

І я шукаю ў час няўрочны

Бязлюддзем вуліц гарадскіх

Цябе — стварэнне Белай Ночы,

Што не паўторана нікім.

 

Хай для цябе ніхто ці нехта

І я, і мой пяснярскі лёс,—

Табе па сонечных праспектах

Я сэрца чыстае прынёс,

 

Каб каля белай каланады,

Што на граніт кідае цень,

Ты адарыла хоць наглядам

Падзей высокіх летуцень!

 

1945


1945