epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Пагасалі дня жывыя гукі..."

Пагасалі дня жывыя гукі,

Патанала сонца недзе ў моры...

Назаўжды твае запомню рукі,

Галубіную вачэй пакору.

 

Для пяшчот, на жаль, паэт не створан,

Хто ж аддаў цябе яго уладзе?

Хто паслаў цябе на бераг мора,

Маладая гронка вінаграду?

 

Хараство паэт не сузірае,

Хараству паэт не б’е паклонаў,

Хараство ён сам сабе стварае,

Беручы, як гліны ком, далоняй.

 

Не знайшоў ён і ў табе святыні,

Не прыпаў, як грэшнік, на калені...

Дзе ты, мора? Жоўтаю пустыняй

Прабягаюць успамінаў цені...

 

Хараства узор разбіў нядбайна,

Як хрусталь каштоўнейшае вазы,

Не збярог яго чароўнай тайны

Бесклапотны песельнік і блазан...

 

А ў душы бяздомнага блукальца

Ўсё ж жыве ўсхвалёванае мора,

Рук пяшчотных трапяткія пальцы,

Галубіная вачэй пакора...

 

1946


1946