epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Памфлет

Ну што клясці мінулае дарма,

Хіба з магілы вернеш вінаватых?

Падкінула эпоха шмат дзярма,

А з ім і падрахунак для аплаты!

 

За ўсё плаціць цяпер прыпала нам

Чарнобылем, галоднаю дыетай,

Гаркотны келіх выпіўшы да дна,

Псалом хвалы спыніўшы недапетым.

 

Як донары скрываўленых часін,

Што прадказаў празорца Настрадамус,

Крывёй мы наталялі смагу псін

Не днямі й месяцамі, а гадамі.

 

У глыбіні залатаносных руд

Употай пасылалі мы праклёны

Вялікаму з вялікіх змагару

За шчасце абалваненых мільёнаў...

 

Цяпер ён прымасціўся ля Сцяны,

Таемна выкулены з саркафага,

Здаецца, крыкне: сукіны сыны,

Я пакажу вам, у якім ГУЛАГу

Зімуюць ракі!..

 

Думка аб адным:

Як церпіш ты, расійская зямля,

Клікуш, балбатуноў ды аглаедаў,

Што тоўпяцца ля сцен сівых Крамля

З партрэтамі святыні-людаеда?!

 

«Кароткім курсам» хто натхнёны быў,

Змяніўшы партбілет на малітоўнік,

Гатовы растаўчы свае ілбы,

Прасветленыя вераю раптоўнай.

 

Куды далей, калі чэкіст былы

Прымае іярданскае хрышчэнне!

Гісторыі лянівыя валы,

Куды вы цягнеце арбу пераўтварэння?!

 

Ці мала ёсць у нас дабра таго,

Хто аб былым хварэе настальгіяй,

Ля помніка натхніцеля свайго

Гатовы пад ярмо падставіць шыю?!

 

Былы старэйшы брат, цяпер сусед,

Арол узняў над Руссю двухгаловы.

Каб не адстаць, і мы імкнемся ўслед

На шчыт Пагоні прыляпіць дзве мовы!

 

Каб ажыло і ў нас на вечны час

Не двухгалоўе дык хаця б двухмоўе.

Народ, маўляў, стрымае на плячах

Цяжар і гэтай падкалоднай змовы...

 

Час не бяжыць — куляецца старчма,

Мы самі станем хутка успамінам,

Куды раней, чым першая турма

Пад попелам Вялікай Праўды згіне!

 

Адно скажу сучаснікам сваім,

Былым сябрам і будучым нашчадкам:

Гаршкі, вядома, лепяць не багі,

У рай дарога не бывае гладкай;

 

Суддзя адзіны — сутаргавы час,

Які б ні быў яго суровы вырак,

Мацуйце еднасць локця і пляча,

Мацуйце еднасць працы, згоды й міру!

 

Ніхто не змог, не зможа й надалей,

Няма такое сілы валатовай,

Змагла каб вырваць з матчыных грудзей

Жывое сэрца Беларусі — мову!

 

1992


1992