epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Памяць

О памяць! Ты, як гама светаценяў,

Як фарбы гукаў, як сцямнелы бляск

Шматграннага і рэдкага камення,

Што зберагла для ўдачлівых зямля.

 

Дзівосны дар знаходак і здзіўлення

Схавай глыбей, каб водгуллем здаля

Не варушыў дакор твайго сумлення,

Каб час на ўзлёт высокі акрыляў!

 

Будзі, будзі далёкі свет юнацтва,

Дзе непаўторнасць радасных сустрэч,

Дзе цені ночы дзень страсае з плеч,

 

Як прывіды натхнёнага вар'яцтва,

Каб голле друзлых ссохлых слоў адсеч

У гонар непадкупнага мастацтва!