epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Пара маладосці

Напоўнены свет

Шапаценнем няўлоўным,

І музыкай гукаў,

І ласкавым ветрам,

І сінню,

І шчэбетам рознагалосым,

І той адраджэння зямнога

Няўяўнай салодкаю мукай,

Што з тонкіх сцяблінак

Узросціць

Налітае сонцам калоссе.

 

Пануе вясна —

Наша мілая,

Наша пявучая госця —

Над парнай раллёю,

Кранутай

Празрыстай і лёгкай смугою,

Дзе творацца

Тайныя цуды жыцця,

Дзе пара маладосці

Вяртаецца зноў да цябе,

Напаўняючы кроў неспакоем.

 

Пануе вясна —

Над усім і ва ўсім:

Над сагрэтаю глебай,

Над морам зялёных лясоў,

Над квадратамі

Новых кварталаў,

Вясна пакарэння

Зямным чалавекам

Глыбіннага неба,

Вясна пакарэння

Людзьмі

Некранутай цаліннае далі.

 

Ступае вясна па зямлі,

Непакоіць,

Трывожыць

І будзіць

Крывёю Лумумбы,

В’етнама ахвярамі,

Голасам Кастра:

Выпроствайце плечы,

Крышыце няволю,

Працоўныя людзі,—

Зямлю хай усцелюць

Не вашы,

А наймітаў косці

І ржавыя каскі!

 

Растаў красавік,

Палымнее усход

Светла-алай зарою,

Зямлі маладосць

Разганяе барвяны туман ліхалеццяў,

Дзень новых здзяйсненняў,

Грыміць над прасторай зямною

Магутным яднаннем,

Прадвеснікам мудрым

Вясны чалавецтва!

 

1961


1961