epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Паўночная рапсодыя

Там, на прыіску гэта было

У мінулым ці ўчора.

Усё роўна.

Світанак, як сёння,

Празрысты наскрозь,

Ружавеў на усходзе,

Залаціў спахмурнелыя горы,

Прахалоду з распадкаў

На крылах нябачаных нёс...

 

Там, на Поўначы,

Лета ішло

Па лагчынах нясмела,

І, аслепшы ад сонца,

Рыдалі ў міжгор’ях снягі.

Крадучыся прыходзіла ноч

На гадзінку

Ўся ў белым,

І сінеча рассоўвала зноў

Даляў тых берагі...

 

А ў імшыстых нізінах

Цвіла-зацвітала марошка,

Ды струменні пазвоньвалі

На перакатах рачных...

 

Ах, каварства пачуццяў,

Не ў час ты дало нам падножку,

Закруціла не ў час

Неадольным парывам адным!

 

Мы блукалі над карстам.

І з пашчы яго патыхала

Вечным холадам

Вечна таемных глыбінь.

Мы блукалі

За даўнім,

Зарослым травою

Адвалам,

І вятрыска ласкавы,

Гарэзны

Твае валасы церабіў...

 

Колькі дзіва было

У той дзікай красе першароднай!

Нават шчасце нясмелае наша

Схавалася ў сэрцах глыбей...

Бурхала, Бурхала,

У струменнях тваіх срэбраводных

Недамовак таемнасць

Пакінь назаўсёды сабе!

 

Не кіпенне ў крыві

Маладосці запозненай нашай

На узгорнай сцяжыне

Знянацку нас разам звяло.

 

Гэта сталасць даспелая,

Шчырасць, адкрытая насцеж,

Лебядзінае песні

У палёце апошнім крыло!

 

І не іскры агню

Палымнелі ў вачах тваіх карых,

А пад сонцам няяркім

Праменнага дня цеплыня,

А вячорнага захаду

Адпалымнеўшыя мары,

А паслянавальнічных

Празрыстых яснот

Чысціня!

 

Там, на прыіску гэта было:

Купал неба блакітны

Абярнуўся халодным каўшом

Над дрымотнай зямлёй...

Хай жыве ў нашых сэрцах,

Як сон незабыўны й нязбытны,

Тое светлае,

Што нас міжвольна

Аднойчы звяло!

 

1947


1947