epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Паўночнае ззянне

Ты спіш яшчэ, а ў нас ужо за поўдзень.

За сопку падае барвяны сонца круг.

Упэўнен я — мы час спаткання знойдзем

З табой, далёкі, добры, даўні друг!

 

Світанне ў вас. Маўклівых вуліц веліч.

Над зграбным горадам асенняе цяпло.

Тут вечарэе. Да глухіх паселішч

Дарогі ўсе снягамі занясло...

 

Тут ноч прыходзіць раптам. Нерухома

Ляжаць за вокнамі бяскрайнія снягі.

Распадак кожны тут даўно знаёмы,

Знаёмы кожны гук нямой тайгі.

 

Мароз такі, што скоўвае дыханне,

Дымок віецца над маім жытлом.

А над усім гарыць паўночным ззяннем

Дзівоснае пярэстае святло.

 

Палае неба, быццам з Запаляр’я

На крыллях ночы сцюжныя вятры

Прынеслі і раздзьмулі над паўшар’ем

Яскравыя халодныя кастры.

 

...Даўно ўжо ноч, а я сяджу над картай,

Кладзе на ёй маршрут скупы пункцір.

А на двары спакойна ладзіць нарты

Якут стары — наш верны правадыр.

 

Світае. Далеч снежная імгліцца.

Аленям не стаіцца на нагах.

Павер мне: след ад нашых экспедыцый

Не замяце ніякая пурга!

 

1954


1954