epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Перад бурай

Ніякіх ілюзій!

Абапал сапраўднасць устала

Нябачнай мяжой

Процілеглых сваіх берагоў,

Дзе стромай высокай

Цямнеюць пахмурныя скалы,

Дзе неба палае

Агнямі чужых гарадоў.

 

Кладуць бліскавіцы

На твар іх агнёвыя рысы,

Вядуць навальніцы

Над імі бязлітасны лік.

Як стоены кратэр —

Узвышшаў далёкіх абрысы,

Дзе неба зліваецца

З шызай істужкай зямлі.

 

А вечар ідзе

Халаджавымі крокамі брызу,

Раптоўна ўздымаючы

Пеністы гулкі прыбой.

Шалёна ўскіпае вада

За кармою унізе

І хвалі, як тыгры,

Кідаюцца наперабой...

 

Мацнее свяжак,

Далятаюць на палубу пырскі.

На месцы сваім капітан,

І штурвальны на месцы сваім.

У грукаце шквальным

Адчуеш ты голас няблізкі,

Што раптам навее

Нагоду салодкай тугі...

 

Мы ўдалеч плывём,

Мараплаўцы вялікіх паходаў,

Адзін качагарам,

Другі — паслухмяным юнгой.

Азначан наш курс

Непахіснаю воляй народа

Праз накіп пагроз,

Перашкод і нялёгкіх прыгод...

 

Пакуль жа зацягваюць песню

На шканцах матросы —

То пульс аптымізму

Ірве абалонку тугі;

То дух неўтаймоўны —

Юнацкай крыві сугалоссе

Плыві ў панадмор’і

У шатах вячорнай смугі.

 

Гарачага часу дыханне

Ім вее ў абліччы,

І грудзі ўдыхаюць глыбока

Вільготны свяжак,

І голас наступнага

У далеч нязнаную кліча,

І рэхам дзівосным

Тых заклікаў словы дрыжаць...

 

Шалёна клакоча

Вада за кармою унізе...

Хадой алегорый

Ступае задымлены змрок:

Па сініх прасторах

Плыве Карабель Камунізма,

І ясны кірунак

Паказвае сцягам флагшток...

 

1933


1933