epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Песня вясны

З галавой акунуся я

ў водар лясоў смаляны,

У спакой падвячорны —

настой расквітнеўшай вясны!

 

Чуткім слыхам адчую,

як звоніць крыштальны струмень

Той празрыстай крынічкі,

што схована лозамі ў цень.

 

Прывітаю ўрачыстасць вясёлак

і сонечных дзён,

Вогкі подых раллі,

свежаўзнятых яе баразён!

 

Я ад гор снегавых,

ад ахоцкіх крутых берагоў

Асцярожна прынёс

неўтаймоўнага сэрца любоў.

 

Для цябе аднае

я душы падарунак збярог,

Перайшоўшы праз рэк перакаты

і ростань дарог.

 

Я іду паміж яблынь

тваіх ружа-белых садоў,

Па шырокіх праспектах

тваіх маладых гарадоў.

 

Я вітаю

наступнага дня зіхатлівы усход,

Летуценняў высокіх

да неба нястрымны палёт!

 

Лёгкі поступ вятроў

і святло ад усмешкі тваёй,

Салаўіную песню

і сэрца свайго неспакой,

 

І шуканняў трывогі,

дзе мэта здалёку відна:

Зыркі позірк у глыб

залатога азёрнага дна...

 

Я пакораны ўладай тваёй,

чараўніца вясна,

Першым буйным дажджом,

першым грукатам перуна,

 

Першым коласам жыта

і першым птушыным гняздом,

Першым пахам смалы,

што прынёс свежазрублены дом.

 

Я паўсвету прайшоў

па далёкіх суровых краях,

Лепш цябе не знайшоў,

дарагая Айчына мая!

 

Я гарачыя словы

у песенны сплаў пераллю,

Закаханы навекі

ў тваю маладую зямлю!

 

1956


1956