epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Певень і індык

Хвалілі неяк сакатухі пеўня

(Ён старшынёю ў іх нядаўна стаў):

— Ах, як ён кукарэкае напеўна!

— Які грабеньчык, дзюбка — любата!

 

Так выпінаўся б век ён свой, напэўна,

Ды нейк індык на птушнік завітаў.

Тут певень наш як кукарэкне гнеўна:

— А гэта што яшчэ за драбната?!

 

Не распазнаў. Ах, певень-недарэка!

 

Таптаў бы курак, зерняткі б дзяўбаў,

Глядзіш — значок які б сабе прыдбаў,

А не варыўся у каструлі нейкай!

 

Мараль: хоць ты і важным пеўнем стаў,

На індыка не надта кукарэкай!

 

1972


1972