epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Плач зямлі

Спадар грымот Ілля

Грукоча калясніцай,

Укрыўджана зямля

Слязьмі дажджоў ільсніцца.

 

Яе б суцешыць мог

Адзін праменьчык сонца,

Ды чорных хмар аблог

Рассейвае бясконца

 

Дажджыстае сяйво

Над недажатым жытам.

Відаць, Бог Саваоф

На грэшных нас сярдзіты,

 

Падмоклі там валкі

Пажатыя не ў часе,

Ну, словам, стан такі,

Як апісаў Някрасаў.

 

Ды толькі іншы час,

Яго нялёгка зрушыць,

І ферма не калгас,

Каб акалачваць грушы.

 

Сам сейбіт, сам і жнец,

Як кажуць у народзе,

А не ў дуду ігрэц

На партактыўным сходзе...

 

А раз надумаў жыць

Не па яго закону,

Ты стаў для ўсіх чужы,

Як белая варона.

 

Сем пядзяў у ілбе

Хоць маеш ты ад Бога,

Ніхто не дасць табе

Ніякае падмогі!

 

Уцям: калгасны лад

Навекі ўсталяваны,

Яго трывалы ўклад

Не зменіць фермер драны!

 

Не маеш хаты — ў хлеў

Сяліся, пане фермер,

не ўсмак калгасны хлеб,

Купі валютны пернік!

 

Жыццё не йдзе назад,

Калі й яно не ўпэўніць,

Дык дзюбнуць можа ў зад

Цябе чырвоны пеўнік...

 

Такі вось дыялог

Падслухаў я міжволі.

Не парасце быльнёг,

Дзе ёсць душа і воля!

 

Народ разгоніць гнюс,

Дай вылезці з-пад спуду,

Дай спіну разгарнуць,

І ён пакажа цуды!

 

...Тым часам у мурах

Між велічных калонаў

Пякуць як на дражджах

Выдатныя законы.

 

Цячэ прамоў струмень,

Ракоча гаварыльня...

Пахмурны слотны дзень

Прыслухваецца пільна.

 

Што дасць ёй той закон?

Якой адорыць ласкай

Нас «зайчык», ці талон,

Ці цэнаў свістапляска?!

 

А што зямля? Зямля

Слязьмі-дажджамі плача...

Відаць, прарок Ілля

Запрог не тую клячу!

 

1992


1992