epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Плагіят

Расчараваў мяне мой друг дашчэнту,

Што мову веку знаў, як паліглот:

«Хто мы? Набор хімічных элементаў,

Звычайны згустак амінакіслот.

 

Глядзім на свет — з-пад чэрапу у зрэнкі

Б’юць біятокі, нібы ў шыбы град.

Мы скрозь з часцін матэрыі маленькіх,

Мы сінтэз іх і ў той жа час — распад!»

 

Хоць слоў карцеч, як у сцяну глухую,

Раз неўпапад, а два разы ўпапад,

Трапляла ў цэль, філосафа ўпікнуў я:

 

«Непадабенства ёсць між намі, брат,—

Я мыслю, дружа, для таго й існую! —

Даруй, філосаф, мне за плагіят!»