epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Плывуць над полем журавы..."

Плывуць над полем журавы

У далеч сінюю без краю...

І водбліск дня яшчэ жывы

Зарой вячэрняй дагарае.

 

Плывуць... І след іх чарады

Знікае ў змроку чарнахмарным...

Вось так юнацкія гады

Сплылі, патрачаныя марна...

 

Мне сон ружовы ваш знаём

І абуджэння буйны галас...

Юнацтва светлае маё,

Цябе даўно чакае сталасць!..

 

Хоць і шкадую — дагарай,

Юнацтва ранак светлавокі!

Мой родны край, зялёны край

Чакае дзей і спраў высокіх!

 

Хай жураўлінай чарадой

Гады плывуць між хмарак срэбных,

Праз пыл дарог, гушчар гадоў

Мы шлях у Заўтра працярэбім...

 

1926


1926