epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Праходзяць хвіліны, мінаюць гадзіны..."

Праходзяць хвіліны, мінаюць гадзіны,

Мінаюць гадзіны, мінаюць гады.

Усё, што было, што здавалася дзіўным,

Здавалася дзіўным, растала, як дым...

 

Так раннем барвяным зара заравая,

Зара заравая зганяе туман...

Спакойна выходзяць на поле ратаі,

На полі ратаі ўздымаюць дзірван.

 

О, час мой суровы! Вясна маладая!

Вясна маладая абноўленых дзён!

Пахілы, старэнькі аб нечым гадае,

Аб нечым гадае пад вокнамі клён...

 

Дарэмна! Дарэмна! З сучаснасці вее,

З сучаснасці вее інакшая быль.

Мінулае тлее, наступнае днее,

Наступнае днее на ўвесь небасхіл.

 

Так дрэвы скідаюць пажоўклае лісце,

Пажоўклага лісця асеннюю медзь,

Каб новай вясною смарагды-маністы,

Смарагды-маністы на голле надзець.

 

Праходзяць хвіліны, мінаюць гадзіны,

Мінаюць гадзіны, імчацца гады,

Знікае былое, у вечнасці гіне,

У вечнасці гіне, каб стаць маладым.

 

1926


1926