epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Працяг тэмы

Хотят ли русские войны?

 

Я. Еўтушэнка

Аб тым, ці хочуць рускія вайны,

Спытайце вы найперш у беларуса.

Адкажуць вам хатынскія званы

І на магілах братніх кветкі-ружы.

 

Адкажуць вам рэспублікі сыны,

Чацвёрты кожны, ў дом што не вярнуўся;

Адкажуць вам нямыя курганы,

Што ўвысь глядзяцца ў непазбыўнай

скрусе.

 

Скажу і я: хай маладому племю

Не ліць крыві ў стаптаную раллю,

Хай расцвітаюць ружы й хрызантэмы,

 

Гудзіцца ўсмак калматаму чмялю...

Не для ваеннай, а для мірнай тэмы

Паэт-пясняр прыходзіць на зямлю!