epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прадчуванне

Свет красавіцкай повен цішынёю,

Таемнасцю доўгачаканых змен.

Мінуўшы раўнадзенства веснавое,

Як плынь паводкі, прыбывае дзень,

Пранізлівай сінечай каб выростаць,

Рассоўваць гарызонту берагі

І набрынялы след расталай ростані

Губляць у шызым прыцемку смугі;

Каб чуць і бачыць ноччу: голас трубны,

Ласіны след, як конаўку з вадой,

Туманаў зябкіх белы сырадой,

Вандровак дальніх заклік вабна-згубны...

Зародак дня на хвойніку настоены,

Як гонка гоніш ты у плоць і кроў,

Дух прадчування, што да часу стоены

Сном трапяткім сярэбраных бароў!..

Ах дух бунтарскі — веснавое ззянне! —

Штодзень круцеюць сонца віражы.

І стрэхі плачуць светлымі слязамі,

І ўсё званчэй лапочуць капяжы.

І ты шырока расчыняеш дзверы

У новы свет і сонца і цяпла,

І верыш птаху кожнаму і зверу —

Любоў зямная на зямлю прыйшла!

Прыйшла, каб шлюбным шалам свет

напоўніць.

І ты, ўлавіўшы той нячутны шум,

Імкнешся сам, як шпак сваю шпакоўню,

Хутчэй ачысціць ад грахоў душу!

1971


1971