epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Праменнасць

На разамлелы дол зямны,

Зазелянелыя разлогі

Лье шчодра сонца з вышыні

Доўгачаканы дар вясны —

Каскад прамення залатога.

 

І ад надземных тых дароў

Зямля прыкметна падабрэла

Пад шум разбуджаных бароў,

Пад першы грукат трактароў,

Пад грай грачыны ашалелы.

 

Мы да яе сваю любоў,

Як слова вернае, стрымалі

Праз гул баёў, праз боль гадоў,

Праз попел, дым, пажар і кроў,

Праз люты гнеў і скрогат сталі.

 

І мы, хто выжыў і ажыў,

Хто духам вечна неспакойны,

Крычым: спаліце на лаўжы

Сцягі разбою і ілжы —

Зямля стамілася ад войнаў!

 

Для шчасця створана яна,

І хоць відаць былыя шрамы,

Непераможная вясна

Ідзе над мірнымі палямі...

Дык ганьба тым, каго вайна

Запляміла крывёй В’етнама!

 

Спыніце іх, стрымайце іх,

Аброць на іх, наморднік, цуглі,

Каб гром бамбардзіровак сціх,

Каб песняй працы для жывых

Зноў шматгалоса пелі джунглі!

 

Вясна, вясна! Зялёны гуд,

Пралескі першай пах нясмелы!

Вачэй адвесці не магу,

Калі убачу скрозь смугу

Радзімы твар памаладзелы.

 

Маршчынкі свежых баразён

Не папсуюць красы нятленнай.

Затое ў пору жніўных дзён

Яны абернуцца як плён

Багаты, спорны і адменны!

 

Таму, узрушаны, лаўлю

У ясны дзень на тварах строгіх

Усмешкі сонцу і святлу...

Хай льецца шчодра на зямлю

Каскад прамення залатога!

 

1965


1965