epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Праметэй

Ноч. Нацэліў вока тэлескоп

У таемны змрочны твар сусвету,

Дзе, як сімвал часу, ў зорны скоп

Іскаркай зямной ляціць ракета.

 

І прыціхла здзіўлена Зямля,

Быццам ёй не спіцца ноччу гэтай,

Быццам ёй на вуха Млечны Шлях

Шэпча запаветныя сакрэты.

 

Сарамліва знік замшэлы бог,

Склаўшы скіпетр, бо ўстаяць не змог

Супраць сілы Творцы-Чалавека.

 

Так рукамі дзёрзкімі людзей,

Раскаванай думкі Праметэй

Пазнае і творыць мудрасць веку.