epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прасека

Шмат бачыў я на кручаным вяку,

Адпушчаным ашчадна чалавеку.

Скрозь памяці гушчэчу прасяку

Залочаную светлую прасеку.

 

І хлынуць немаведама адкуль

Святла і гукаў дыбістыя рэкі,

Віхор юнацтва ў бэзавым вянку,

Кругавярчэнне па жыццёвым трэку.

 

І ўяве ўбачу, як дзевяты вал,

Рвучы ў шматкі барвянае сутонне,

Нясе былых жаданняў буравал

 

На берагі халоднага прадоння,

Дзе толькі сніцца слодычны прывал

На высмаленым марамі улонні.