epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прасвятленне

Я чакаю, як збавення, прасвятлення

Ад наплыву успамінных кветных сноў

І нямею ад раптоўнага здзіўлення,

Калі хлыне ў вочы мне праменны сноп.

 

Хто мне скажа, колькі тых ружовых ранкаў,

Колькі росаў, ліўняў, спёк і навальніц

Я сустрэну; колькі песень берасцянкі

Мне праслухаць, перш чым пасці долу ніц?!

 

Свет блакітам і вясёлкамі расквечан.

Мірным дням вядзіце, людзі, строгі лік!

Я ж хачу, прайшоўшы шлях своіі чалавечы,

 

Каб са мною ў развітальны час былі

Небасхілу беларускага сінеча,

Жытны подых беларускае зямлі.