epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прасвет

Дрыготкі ліст асыпала асіна,

Скавыча жоўты вецер у трысці...

У кожнага ёсць горкая часіна,

Якую мімаходзь не абысці.

 

Праз сіта часу зерне успамінаў

Прасей. І ўсё, што ў зорны час спасціг,

Схавай у сэрцы, як прасвет адзіны,

Які не паўтараецца ў жыцці.

 

І, акрыяўшы, ў піку ўсім напасцям,

Адчуеш крылаў шолах над сабой

І пойдзеш зноў да верхавін спічастых

 

Пад светлай сяміколернай дугой,—

Сабе не змог — дык іншым дольку шчасця

Прыдбаўшы ў час перадапошні свой!