epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Праўдзе веку (Вянок санетаў)

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15


1

Пульс часу, біся ў роўным рытме

сэрца —

Табой жыву, табе заўжды служу,

Хоць і нялёгка шрам былога сцерці,

Як між дабром і злом знайсці мяжу.

 

Не раз зірнуўшы ў твар кашчавы смерці,

Адно з усмешкай шчыраю скажу:

Не звузіць свет закрачанаму шкельцу,

Арліны лёт не прыпыніць стрыжу!

 

Бо ты жывеш на свеце, Праўда Веку.

Хоць сто разоў прарочылі твой скон

І аддавалі на пацеху здзеку —

 

Не пагасіць вячысты твой агонь!

Таму на злосць пыхлівым недарэкам

Табе служу аддана з першых дзён!

 

 

2

Табе служу аддана з першых дзён,

Зарок на вернасць даўшы, як прысягу.

Даўно пяройдзен Сцікс і Рубікон,

Даўно на іншых выспела адвага.

 

Вядзі ж наперад. Хай круты адхон

Збівае ногі, вусны сушыць смагай —

Мы ўсё даўно паставілі на кон,

Музеям здаўшы світкі і сярмягі.

 

За ўсё, за ўсё заплочана даўно.

Хай кроў ніколі болей не пральецца,

Хай свеціць сонца шчасця ўсім адно:

 

І тым, хто мір здабыў цаною смерці,

І тым, хто тройчы кляў глухую ноч,

Калі шукаў з цямніцы вузкай дзверцы.

 

 

3

Калі шукаў з цямніцы вузкай дзверцы,

Ці думаў ты, рамантык і паэт,

Што голас твой, як рэха,

адгукнецца,

Што песень строй пакіне ў душах след?

 

Было за гэта варта ў сцюжах мерзці,

Кайлом на скалах ставіць безліч мет,

Не знаць, што подзвіг твой

раўня бяссмерцю

На скрыжаванні лютых зім і лет.

 

Што ж? Гэта ўсё было, як не бывала,—

Браў новы лад не без ахвяр разгон,

Рваў дынаміт і скалы і завалы,

 

Двух светаў бой даваў пякучы плён,

Але ўзялі мы з бою перавалы,

Адкуль абрыс Наступнага відзён!

 

 

4

Адкуль абрыс Наступнага відзён,

Там царства сонца, сіні акіяны.

Зірні: упаў там цень на гарызонт

І кроў зары цячэ са свежай раны.

 

Слых навастры: ці не Хатыні звон

У стогн Сангмі уплёўся нечакана

І праз вякі разбуджан сфінксаў сон

Грымотным залпам дзесь за Іярданам?

 

Палае ў свеце зарыва баёў.

Каб рабства след з зямлі дашчэнту сцерці,

Каб слёзы высахлі з вачэй удоў,

 

За шчасце волі ў бітве лепш памерці!

Дык хай апошні раз пральецца кроў,

Чым век вагацца ў хісткай паняверцы!

 

 

5

Я не вагаўся ў хісткай паняверцы,

Калі баі грымотныя гулі.

Боль сціх. Няхай хутчэй мігцення тэрцый

Пульсуе з нетраў нафта — кроў зямлі.

 

Як перад боем, стрэлкі часу зверце,

Каб нас нашчадкі марна не клялі,

Што ў бурны век імклівых кілагерцаў

Зраўняцца з часам не заўжды маглі.

 

Крывіся, скептык, з’едлівы і колкі,

Дзікун звышмодны, слоўны пустазвон.

Мне блізка ўсё: краса жывой вясёлкі

 

І таямнічы волат — пазітрон!

Калісь і я згінаўся ў віхар золкі,

Як той някемны ў бойцы маладзён.

 

 

6

Як той някемны ў бойцы маладзён,

Юнак, агнём вайны не абстраляны,

У свет ілюзій, пачуццю ў палон

І я ўступаў, жыццём зачараваны.

 

Вось і цяпер, ужо на схіле дзён,

Душу ўспамін кранае нечакана,

Калі раптоўна рве кароткі сон

Забыты голас мілай і каханай.

 

Што ж? Маладосці прывіду я рад,

Хай саграе прытомленае сэрца —

Хачу, ссівелы радавы салдат,

 

Быць навабранцам юным на паверцы!

Таму прашу: мне добрых стрэч і дат,

Гады жыцця, яшчэ крыху адмерце!

 

 

7

Гады жыцця, яшчэ крыху адмерце,

Хоць колькі часу дзеля добрых спраў!

Шмат на планеце набралося смецця —

Каб не прыкрыла парасткі дабра;

 

Каб хваля чорнай злосці

цёмным смерчам

Не змыла ўсё здабытае з двара,—

Вартаўнікі эпохі, спаць не смейце!

Яшчэ скасоўваць варты не пара!

 

З глыбінь падводных цэльце перыскопы —

Пірат цікуе наш спакой і сон!

Воч не спускайце. Там, у зорным сконе,

 

Па-над зямлёй нядрэмна кружыць ён.

Сачыце, каб не ўкрыў атрутны попел

Плугамі працы ўзнятых баразён!

 

 

8

Плугамі працы ўзнятых баразён

Мы не пакінем ялавець бясплодна —

Хай даспявае небывалы плён

Пад ясным сонцам бацькаўшчыны роднай!

 

Людзей галодных не адзін мільён

Яшчэ не стаў на шлях хады свабоднай.

Расціце хлеб і помсту! Хай праклён

Падзе на тых, хто бомбай вадароднай

 

Гатоў знявечыць мілы твар зямлі,

Каб недзе ў банку пух рахунак чыйсьці!

Пазбавім сад зямны ад едкай тлі,

 

Ад вусеня — яго жывое лісце,

Каб светлай праўды макі расцвілі

На злосць жрацам хадзячых танных ісцін!

 

 

9

На злосць жрацам хадзячых танных ісцін

Жыві, Вялікай Праўды прастата,

Бурштыну гронкай, прозалаццю лісця,

Ажурнай аркай лёгкага маста,

 

Ускрыленаю марай, што калісьці

Была цяжкой, як першая вярста,

Часінай той, якой няма ўрачысцей,

Якую ўславіць прыйдзе свой мастак.

 

Не той, што сыпле медзякі праменняў

На беднасць тым, хто духам слеп

і глух,

Хто ўяўна служыць зыркаму святлу,

 

А той, хто жарам сэрца і натхнення,

Нязломнай сілай чыстага сумлення,

Высокай Праўды не аддасць на глум.

 

 

10

Высокай Праўды не аддасць на глум,

Хто за яе плаціў сваёй крывёю.

Ажыццяўленнем самых светлых дум

Яна ўстае над нашаю зямлёю.

 

Яна жыве і будзе! Біржаў бум

Штогод прарочыць ёй усё ліхое —

Праз пыл хлусні, нянавісці самум

Гарыць яе свяціла агнявое.

 

Азоран ёю наш дваццаты век,

Што ўсіх былых крывавей і агнісцей,

Што праз цясніны гор, разводдзе рэк

 

Пранёс, як сцяг, ідэі камуністаў;

Што горда ўзвысіў слова Чалавек,

Які жыве не для сваёй карысці.

 

 

11

Той, хто жыве не для адной карысці,

Не для канап, квяцістых дываноў,

Той, хто прайшоў дарогаю цярністай,

Хто хрышчан дымам, порахам,

вайной,—

 

Не размяняе ідэалаў чыстых

Ні на ўслаўленняў пеннае віно,

Ні на утульных дач спакой цяністы,

Ні на нейлон замежных рызманоў!

 

За тых, каго завём мы: рабацягі,

Не аглушыў каго авацый шум,

Давай нальём у келіхі павагі,

 

Сучаснік мой, мой даўні аднадум!

Мы ж да чужых заслуг не маем прагі,

Мы ж не імкнёмся ў рай праз твань і тлум!

 

 

12

Я не імкнуся ў рай праз твань і тлум,

У безгалосым хоры быць салістам.

Зірнеш падчас — душу агорне сум:

Эўтэрпы маску носяць кар’ерысты!

 

Што муз хаўрус для іх? Шматлюдны ЦУМ,

Дзе з-пад прылаўка знойдзеш усё чыста!

Той друг міністру, той Літфонду кум,

Бяздарны ж той — сааўтар сцэнарысту!

 

О Крапіва, мінулым трасяні,

Блісні ізноў Хвядосам1, як калісьці,—

Жыве ж курылка той і ў нашы дні!

Усюдыісны, пнецца ён кудысьці,

Нібы ваўчок — куды ні павярні,—

З крутога віру ўмела знойдзе выйсце!

 

 

1 «Хвядос — Чырвоны нос» — сатырычная паэма К. Крапівы.

13

З крутога віру ўмела знойдзе выйсце

Той бессаромны, вёрткі, як уюн,

Хто цень кладзе на дзень наш прамяністы,

На мару — лапу сквапную сваю.

 

Як пустазеллем ён на ніве выспеў,

Саладкагучны ўчэпісты пяюн,

Прыгрэты нашай дабратой з калыскі?!

Чуццём яго здалёк я пазнаю.

 

Радзіма-маці, будзь жа тройчы строгай!

Узяўшы ў рукі добрую мятлу,

Гані ты прэч ад чыстага парога,

 

Не падпускай к гасціннаму сталу

Тых, хто, падзеўшы праўдалюбства тогу,

Замест дабра употай служыць злу.

 

 

14

Замест дабра, хто ўпотай служыць злу,—

Хітрун і хлус нямала сее шкоды.

Змый, хваля часу, іх! Хутчэй вяслуй

Праз быстрыню, парогі, перашкоды,

 

Мой горды век! Магутнаму крылу

Размах вышынь і рызыка прыгоды

Да твару больш.

Страле патрэбен лук.

Байцу — адвага. Мудры дух — народу!

 

Пад вечна юным сонечным шатром

Цвіці, Зямля, у вечнай кругаверці!

Хай над табой не грымне войнаў гром

 

І не чадзіць смуродны попел смерці!

Хай шчасце міру ўвойдзе ў кожны дом,

Пульс часу б’ецца ў роўным рытме сэрца!

 

 

15

Пульс часу, біся ў роўным рытме сэрца!

Табе служыў аддана з першых дзён,

Калі шукаў з цямніцы вузкай дзверцы,

Адкуль абрыс Наступнага відзён.

 

Я не вагаўся ў хісткай паняверцы,

Як той някемны ў бойках маладзён.

Гады жыцця, яшчэ крыху адмерце

Плугамі часу ўзнятых баразён!

 

На злосць жрацам хадзячых танных ісцін,

Высокай праўды пе аддасць на глум

Той, хто жыве не для адной карысці,

 

Хто не імкнецца ў рай праз твань і тлум.

А той з любога віру знойдзе выйсце,

Замест дабра хто ўпотай служыць злу!

 

1971


1971