epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Праз лабірынты кручаныя часу..."

Праз лабірынты кручаныя часу

Выходзь на мяккі бераг цішыні.

Бур свістапляска толькі уляглася,

Касым дажджом абмыты камяні.

Стоq і маўчы, аддаўшыся спакою,

Пракляўшы слоўны блуд і сумятню!

Тут свет напоўнен велічнай красою,

Тут запускае ветрык пяцярню

У грыву лесу. Пошчак салаўіны

Тут рве разваг лагічнасць у шматкі.

Тут не шукай прычыннасці прычыны,

Атросшы поціск «сябравай» рукі.

Час ціхамірны, бэзавым настоем

Паі душу, лячы ад той маны,

Што, як іржа, кладзецца тонкім слоем

З непаказной, з нябачнай стараны!

Гасі, паўзучы морак, рэшткі барвы,

Хай растае яе апошні блік

І выплывае, нібы зух той бравы,

Навечна развянчаны маладзік.

Абмераны, абмацаны, двухрогі,

Саромячыся ўласнай галізны,

Ён знікне ўраз. І моўчкі ля парога

На лапы цемры сніць начныя сны

Прыляжа ноч. Ноч міру і спакою.

І толькі гулка дзесьці ў глыбіні

Усё будзе біцца вечнае, жывое

Зямное сэрца ў клетцы цішыні...

1971


1971