epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Прыцягненне

Памяці М. Хведаровіча

 

Калі спасцігне скону час арла,

Ён падае з уцёсу на каменне.

Паэт жа, прыкаваны да стала,—

Ва ўладзе іншай сілы прыцягнення.

 

Яго палёт — вышэй, чым у арла,

Яму страхою — небасхіл Айчыны,

Куды б яго па свеце ні вяла

Ухабістае долі пуцявіна.

 

Вось так і ты з падраненым крылом,

Праз бездарожжа даляў здратаваных,

Праз тундры муць, таежны буралом,

 

Праз частакол зямных мерыдыянаў

Да родных гоней рушыў напралом,

Высокай песні да канца адданы!